ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,

вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.

Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.

В.М.Ляўко.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)